ЗО́НА СПАКО́Ю,

месца ў прыродным наваколлі, дзе ў пэўныя перыяды або пастаянна захоўваюць асобы рэжым гасп. дзейнасці і рэкрэацыі. Вылучаюць З.с., каб забяспечыць спрыяльныя ўмовы для існавання жывых арганізмаў або захаваць асобныя прыродныя ўчасткі ў практычна некранутым стане. Часовыя З.с. вылучаюць у межах паляўнічых і рыбалоўных угоддзяў, зялёных зон, лесапаркаў і інш., асабліва ў месцах масавага размнажэння дзікіх жывёл. Ахоўны рэжым у іх з сярэдзіны вясны да сярэдзіны лета (т.зв. месяцы цішыні). Знаходжанне людзей, свойскай жывёлы, усе віды дзейнасці, якія могуць парушыць сезонныя рытмы жыцця дзікіх жывёл, забаронены. На тэр. запаведнікаў і нац. паркаў вылучаюцца пастаянныя зоны поўнага спакою (зоны абсалютнай запаведнасці), дзе забараняецца любое ўмяшанне чалавека ў прыродныя працэсы, усе віды гасп. дзейнасці (акрамя прысутнасці навук. супрацоўнікаў, занятых назіраннем за станам і дынамікай асяроддзя). З.с. таксама наз. тэрыторыя, на якой устаноўлены рэжым найменшага або абсалютна мінім. тэхнагеннага ўздзеяння для стварэння ўмоў адпачынку людзей ці фізіятэрапеўт. лячэння.

Г.​У.​Вынаеў.

т. 7, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)